Пра SCIENCE AT RISK Emergency Office

Хто мы

SCIENCE AT RISK Emergency Office — гэта праект некамерцыйнай арганізацыі akno e.V., накіраваны на аказанне падтрымкі навукоўцам і студэнтам, якія пацярпелі ад вайны супраць Украіны альбо палітычных рэпрэсій у Беларусі і Расіі. Мы з’яўляемся адной з нямногіх кропак кантакту, верыфікацыі, кансультавання і дапамогі для вучоных і студэнтаў з гэтага рэгіёну, якія знаходзяцца ў групе рызыкі.

Праект узнік як рэакцыя на палітычна матываваныя пераследы ўдзельнікаў пратэстнага руху пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 года. Разам з партнёрамі нам удалося падтрымаць сотні навукоўцаў і студэнтаў з групы рызыкі, якія былі звольненыя, выключаныя з універсітэтаў, аштрафаваныя ці затрыманыя па палітычных матывах.

Падрабязную інфармацыйную брашуру аб нашай працы можна спампаваць у фармаце PDF.

Што мы робім

Са жніўня 2020 года наш праект значна вырас, што дазволіла нам стварыць шырокую акадэмічную сетку і павялічыць колькасць накірункаў дапамогі. За кароткі перыяд з верасня па снежань 2022 года дзякуючы фінансаванню Міністэрства замежных спраў Германіі наша каманда арганізавала больш за 140 мерапрыемстваў рознага фармату, у тым ліку цыклы лекцый і круглыя сталы ў партнёрстве з нямецкімі ўніверсітэтамі і акадэмічнымі ўстановамі.

Навукоўцы з Украіны, Беларусі і Расіі, якія знаходзяцца ў групе рызыкі, не толькі змаглі падзяліцца сваімі ведамі і вопытам з замежнай і айчыннай аўдыторыяй, але таксама атрымалі фінансавую падтрымку за ўдзел у мерапрыемствах. Акрамя таго, сотні іншых навукоўцаў і студэнтаў з групы рызыкі атрымалі кансультацыі і дадатковую дапамогу ў рамках нашай сумеснай праграмы ментарынгу з Універсітэтам Новай Еўропы (UNE).

Вайна ва Украіне і ўзмацненне рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і Расіі падкрэслілі неабходнасць падтрымкі навукоўцаў з групы рызыкі ў гэтым рэгіёне. 

Каму мы дапамагаем

Вы можаце падаць заяўку на ўдзел у праграме SCIENCE AT RISK Emergency Office, калі вы адпавядаеце наступным крытэрыям:

  • на момант падачы заяўкі вы з’яўляецеся грамадзянінам/грамадзянкай Украіны, Беларусі ці Расіі;
  • на момант рэпрэсій ці пачатку вайны вы займаліся выкладчыцкай ці даследчай дзейнасцю ў адной з наступных інстытуцый:
    • Акадэмія навук, дзяржаўныя ці прыватныя ўніверсітэты;
    • гістарычныя архівы і музеі (на пасадзе навуковага супрацоўніка);
    • аналітычныя цэнтры;
    • арганізацыі грамадзянскай супольнасці.
  • вы вучыцеся на магістарскай праграме/нядаўна атрымалі ступень магістра і хочаце атрымаць ступень доктара навук;
  • вы вучыцеся на бакалаўрскай праграме/нядаўна атрымалі ступень бакалаўра і хочаце паступіць у магістратуру.

Як мы дапамагаем

Публічныя мерапрыемствы

Каб падтрымаць вучоных з групы рызыкі, мы арганізуем публічныя мерапрыемствы: круглыя сталы, лекцыі, семінары і прэзентацыі даследаванняў. Гэтыя мерапрыемствы дапамагаюць падкрэсліць важнасць і каштоўнасць вопыту і экспертызы вучоных з Украіны, Расіі і Беларусі, пазбаўленых магчымасці працаваць і праводзіць даследаванні ў сваіх краінах. Акрамя таго, SCIENCE AT RISK Emergency Office выплачвае ганарар удзельнікам мерапрыемстваў, што з’яўляецца адной з магчымасцяў заробку для навукоўцаў з групы рызыкі.

Мы можам арганізаваць непублічныя мерапрыемствы для навукоўцаў, якія не могуць выступаць публічна праз пагрозу асабістай бяспецы.

Ментарынг

У супрацоўніцтве з Універсітэтам Новай Еўропы (UNE) мы рэалізуем праграму ментарынгу SCIENCE AT RISK/UNE. Праграма разлічана на навукоўцаў і студэнтаў, якія пацярпелі ад вайны ва Украіне і палітычных рэпрэсій у Беларусі і Расіі, незалежна ад месцазнаходжання ў бягучы момант. У рамках праграмы мы злучаем навукоўцаў і студэнтаў з групы рызыкі з навукоўцамі з еўрапейскіх універсітэтаў, якія дапамагаюць у пошуку акадэмічных праграм, падачы заявак на гранты, выбудоўванні акадэмічных сувязяў і адаптацыі ў новых умовах.

Моўныя курсы

SCIENCE AT RISK Emergency Office прапануе інтэнсіўны анлайн-курс англійскай мовы для навукоўцаў з групы рызыкі, накіраваны на развіццё навыкаў паўсядзённай камунікацыі і навыкаў, патрэбных для працы ў акадэмічным асяроддзі. У задачы курса ўваходзіць не толькі палепшыць агульныя навыкі валодання мовай, такія як чытанне, разуменне і пісьмо, але і дапамагчы ўдзельнікам развіць кампетэнцыі, неабходныя ў працы на англійскай мове ў акадэмічных інстытуцыях.

Публікацыі

Адзін з варыянтаў падтрымкі навукоўцаў у рамках праграмы SCIENCE AT RISK Emergency Office у 2023 годзе — аплатныя навуковыя публікацыі ў партнёрскіх выданнях. Больш падрабязная інфармацыя аб працэсе публікацыі і фінансаванні будзе прадстаўлена падчас сумоўя.