Хто мы
SCIENCE AT RISK Emergency Office — гэта праект некамерцыйнай арганізацыі akno e.V., накіраваны на аказанне падтрымкі навукоўцам, якія пацярпелі ад вайны супраць Украіны альбо палітычных рэпрэсій у Беларусі і Расіі. Мы з’яўляемся адной з нямногіх кропак кантакту, верыфікацыі, кансультавання і дапамогі для навукоўцаў з гэтага рэгіёну, якія знаходзяцца ў групе рызыкі.
Праект узнік як рэакцыя на палітычна матываваныя пераследы ўдзельнікаў пратэстнага руху пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 года. Разам з партнёрамі нам удалося падтрымаць сотні навукоўцаў і студэнтаў з групы рызыкі, якія былі звольненыя, выключаныя з універсітэтаў, аштрафаваныя ці затрыманыя па палітычных матывах.
Што мы робім
Са жніўня 2020 года наш праект значна вырас, што дазволіла нам стварыць шырокую акадэмічную сетку і павялічыць колькасць накірункаў дапамогі. За кароткі перыяд з верасня па снежань 2022 года дзякуючы фінансаванню Міністэрства замежных спраў Германіі наша каманда арганізавала больш за 140 мерапрыемстваў рознага фармату, у тым ліку цыклы лекцый і круглыя сталы ў партнёрстве з нямецкімі ўніверсітэтамі і акадэмічнымі ўстановамі.
Навукоўцы з Украіны, Беларусі і Расіі, якія знаходзяцца ў групе рызыкі, не толькі змаглі падзяліцца сваімі ведамі і вопытам з замежнай і айчыннай аўдыторыяй, але таксама атрымалі фінансавую падтрымку за ўдзел у мерапрыемствах.
Вайна ва Украіне і ўзмацненне рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і Расіі падкрэслілі неабходнасць падтрымкі навукоўцаў з групы рызыкі ў гэтым рэгіёне.
Мы таксама публікуем вынікі штогадовых маніторынгавых даследаванняў акадэмічных свабод у Беларусі, Расіі і Украіне, якія праводзім разам з навукоўцамі гэтых краін. Вы можаце знайсці вынікі даследаванняў тут.
Каму мы дапамагаем
Вы можаце падаць заяўку на ўдзел у праграме SCIENCE AT RISK Emergency Office, калі вы адпавядаеце наступным крытэрыям:
- на момант падачы заяўкі вы з’яўляецеся грамадзянінам/грамадзянкай Украіны, Беларусі ці Расіі, мелі дзейны беларускі, украінскі альбо расійскі ВНЖ на момант рэпрэсій ці пачатку вайны;
- на момант рэпрэсій ці пачатку вайны вы займаліся выкладчыцкай ці даследчай дзейнасцю ў адной з наступных інстытуцый:
- Акадэмія навук, дзяржаўныя ці прыватныя ўніверсітэты;
- гістарычныя архівы і музеі (на пасадзе навуковага супрацоўніка);
- аналітычныя цэнтры;
- арганізацыі грамадзянскай супольнасці.
Як мы дапамагаем
Публічныя мерапрыемствы
Каб падтрымаць вучоных з групы рызыкі, мы арганізуем публічныя мерапрыемствы: круглыя сталы, лекцыі, семінары і прэзентацыі даследаванняў. Гэтыя мерапрыемствы дапамагаюць падкрэсліць важнасць і каштоўнасць вопыту і экспертызы вучоных з Украіны, Расіі і Беларусі, пазбаўленых магчымасці працаваць і праводзіць даследаванні ў сваіх краінах. Акрамя таго, SCIENCE AT RISK Emergency Office выплачвае ганарар удзельнікам мерапрыемстваў, што з’яўляецца адной з магчымасцяў заробку для навукоўцаў з групы рызыкі.
Мы можам арганізаваць непублічныя мерапрыемствы для навукоўцаў, якія не могуць выступаць публічна праз пагрозу асабістай бяспецы.
Моўныя курсы
SCIENCE AT RISK Emergency Office прапануе інтэнсіўны анлайн-курс англійскай мовы для навукоўцаў з групы рызыкі, накіраваны на развіццё навыкаў паўсядзённай камунікацыі і навыкаў, патрэбных для працы ў акадэмічным асяроддзі. У задачы курса ўваходзіць не толькі палепшыць агульныя навыкі валодання мовай, такія як чытанне, разуменне і пісьмо, але і дапамагчы ўдзельнікам развіць кампетэнцыі, неабходныя ў працы на англійскай мове ў акадэмічных інстытуцыях.